Рэкорд па-беларуску: За ўборку льну людзям плацілі па 4000 рублёў за дзень

Рэдакцыя "Вестак" атрымала ксеракопію разліковай ведамасці акцыянернага таварыства "Пліскі льнозавод" (Глыбоцкі раён), дзе яно разлічваецца з супрацоўнікамі Падсвільскай ЖКГ за ўборку льну.
Рэдакцыя "Вестак" атрымала ксеракопію разліковай ведамасці акцыянернага таварыства "Пліскі льнозавод" (Глыбоцкі раён), дзе яно разлічваецца з супрацоўнікамі Падсвільскай ЖКГ за ўборку льну.

За дзень працы — 26 верасня — аднаму з супрацоўнікаў заплацілі 4060 рублёў (0,47 долара). Хто працаваў 28 верасня, атрымалі па 4680 рублёў (0,55 долара).
 
29 верасня быў выхадны, таму плацілі ў падвышаным памеры — па 12 180 рублёў.
 
Агулам дваццаць адзін работнік, якія разам адпрацавалі дваццаць чатыры дні, атрымалі 191 720 рублёў (22,37 долара).
 
Карэспандэнт патэлефанаваў у бухгалтэрыю ААТ "Пліскі льнозавод", сядзіба якога знаходзіцца ў мястэчку Падсвілле.
Супрацоўнік патлумачыў, што існуюць зацверджаныя начальствам расцэнкі — за гектар узнятага ўручную льну плаціць 57 651 рубель.
 
Па словах супрацоўніка, людзі ўздымалі па 10–15 сотак ільну за дзень. Таму такія і расцэнкі, кажа ён.
 
Разліковая ведамасць Пліскага льнозавода з супрацоўнікамі Падсвільскай ЖКГ. Злева ад рукі напісаныя дні, калі працаваў той ці іншы супрацоўнік.

Супрацоўніца Падсвільскага кажа, што "рабілі столькі, колькі нам казалі". Працавалі часам да абеда, аднойчы — да паловы на чацвёртую.

Каб убіраць лён, мясцовыя ўлады зганяюць людзей прымусова, праз начальства на працы. Людзей адрываюць ад работы, або прымушаюць ўбіраць лён у выхадныя. 13-14 кастрычніка, у выхадныя дні, пагналі на лён настаўнікаў адной з глыбоцкіх школ. А 29 кастрычніка, калі нечакана выпаў снег, навучэнцы Глыбоцкага прафліцэя цягалі лён з-пад снегу.

 
Абвестка ў адной са школ Глыбокага.

Такія загады мясцовых уладаў супярэчаць заканадаўству. Але яны не баяцца парушаць закон, бо загады на “мабілізацыю людскіх рэсурсаў” (так у дакуменце!) ідуць за подпісам старшыні аблвыканкама. А людзі не змагаюцца за свае правы, баючыся страціць працу.

 
Лён лічыцца найменш прыбытковай сельскагаспадарчай культурай з тых, што сеюць у Беларусі. Аднак – парадокс! – яго вырошчваюць болей, чым патрэбна, і экспартуюць. У 2010 годзе прэзідэнт Лукашэнка наведваў ільнозаводы ў Оршы і Дуброўне ды казаў, што льнаводства трэба развіваць.