Быць бізнэсменам — гэта модна і крута. Не тое што ў 1990-я гады, калі камерсантаў ганебна называлі "таргашамі", "шмотачнікамі" і іншымі непрыгожымі словамі. Сёння сітуацыя памянялася: калі мы кажам бізнэсмен, то ўяўляем ужо не брытагаловага "братка" ў малінавым пінжаку, а інтэлігентнага, упэўненага ў сабе чалавека на дарагой машыне і ў дарагім адзенні, які мае асобны кабінет у сучасным офісе і кіруе больш-менш буйной кампаніяй.
А як самому стаць бізнэсменам? Насамрэч, усё не так і складана. Галоўнае — мець вялікае жаданне і ўпарта імкнуцца да пастаўленай перад сабой мэты. І забыцца на "адмазкі", што, маўляў, "няма першапачатковага капіталу" ці "заканадаўства занадта складанае" — у свеце ёсць мноства прыкладаў, калі людзі стваралі вялізныя кампаніі літаральна з нуля і зараблялі мільярды ў самых складаных умовах.